«КО́ВЕНСКІ ЗБО́РНІК»,

рукапісны літаратурны зборнік 1-й трэці 18 ст. Складзены ў Ковенскім езуіцкім калегіуме. Апісаны А.​Брукнерам і Я.​Карскім (рукапіс загінуў у 1944 у Варшаве). Зборнік уключаў «аргумент» (пераказ гіст. падзей, пакладзеных у аснову твора), масленічную драму пра жыццё і смерць рым. імператара Нерона (паст. 1731), бел. інтэрмедыі «Селянін, вучань», «Селянін і вучань-уцякач», «Літаратар, селянін, Самахвальскі», «Гульня Фартуны» і інш. Інтэрмедыі адметныя завершанасцю жанравай формы, іх гал. герой — бел. селянін, кемлівы, вынаходлівы, здольны ашукаць (перахітрыць) паноў, шляхціцаў, «мудрых» вучоных, студэнтаў і нават чорта. Герой надзелены жывой, набліжанай да гутарковай, мовай.

Літ.:

Мальдзіс А На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 192—199.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)